Журналист «ДК» понаблюдала за работой переписчика

Опубликовано ср, 30/10/2019 года - 11:13
Автор статьи

Праяўленні гасціннасці, агрэсія сабак і размовы пра жыццё. З чым яшчэ даводзіцца сутыкацца ў час перапісу насельніцтва, “ДК” высветліў, наведаўшы разам з перапісчыкам некалькі добрушскіх кватэр.
 

– Наяўнасць дамафона – вялікі плюс, – лічыць перапісчык Аляксандр Барауля. – Калі ў кватэры на апошнім паверсе адказалі, з яе і пачынаю абход.

Наяўнасць людзей перапісчык вызначае па знешнім выглядзе ўваходных дзвярэй, паказаннях электралічыльніка. Нумар кватэры нярэдка застаецца загадкай. Разабрацца дапамагаюць інтуіцыя і ліхтарык.

– Без яго было б складана, – заўважае Аляксандр Барауля. – Па дварах шматпавярховак і прыватным сектары хадзіць даводзіцца не толькі ўдзень, бо нават з трэцяй спробы некаторых рэспандэнтаў адшукаць не атрымліваецца. У такім выпадку пакідаем напамінак пра тое, што чалавек можа прыйсці на стацыянарны перапісны ўчастак, размешчаны ў будынку райвыканкама. Ён працуе да васьмі вечара без выхадных і перапынку.

Рабочы час перапісчыка – з 9 да 21 гадзіны. Карта горада, схема ўчастка і заданне на дзень – на экране планшэтнага камп’ютара. Уносіць адказы на пытанні перапісной анкеты можна і ў “паходных” умовах: адной рукой, замацаваўшы сумку перапісчыка на плячы.

– Жыву з мужам і трыма дзецьмі, – гутарку з жыхаркай вуліцы Савецкай вялі на лесвічнай пляцоўцы.

На маё пытанне, чаму маладая жанчына не перапісалася самастойна, Вікторыя адказала: з гаджэтамі не сябруе. Тым больш, што часу на іх у шматдзетнай маці не застаецца. Апытанне перапісчыкам заняло не больш за пяць мінут.

– А я вас ведаю, – на званок дзверы адчыніла жанчына сталага ўзросту. – Наогул жа незнаёмых асцерагаюся.

Непрыемную сітуацыю, у якую трапіла пенсіянерка, Валянціна Стрыжак распавяла ў паўзах паміж пытаннямі перапісу. Аказалася: звярнулася ў нейкую фірму, каб зрабілі новую столь у кухні. Прыехалі, замералі і налічылі касмічную суму. Мець справу з імі гаспадыня пабаялася. Знайшла мясцовых майстроў, якія прапанавалі неабходную паслугу на выгадных умовах.

– Вось чаму Вы дакладна ведаеце плошчу кватэры? – выказваем меркаванне.

– Рамонт і іншыя змены ў інтэр’еры планую сама, – патлумачыла Валянціна Стрыжак.

Пенсіянерцы Тамары Галаганавай, па яе словах, няма чаго ўтойваць. Яе працоўнае жыццё прайшло актыўна. Як высветлілася, у мінулую кампанію яна сама была перапісчыцай. Таксама хадзіла па кватэрах, апытвала людзей. З ручкай і паперай.

– Візіту вашага чакала, – прызнаецца жанчына. – Жыву адна, госці бываюць рэдка. Ганаруся, што дзеці і ўнукі атрымалі адукацыю, выбралі патрэбныя прафесіі. Лічу, гэта мой уклад у будучыню Беларусі.