Завод по выпуску картона в Добруше начнет работу до конца года

Опубликовано вт, 04/02/2020 года - 11:00
Автор статьи

Аб гэтым Прэзідэнт заявіў учора ў Добрушы пры азнаямленні з рэалізацыяй інвестыцыйнага праекта па тэхнічным перааснашчэнні папяровай фабрыкі “Герой працы”. Фабрыка – адно са старэйшых прадпрыемстваў рэгіёна: калектыў яго сёлета адзначыць знакавую дату – 150-годдзе з часу ўтварэння.

Рэмарка: клопат аб укараненні тут навейшых тэхналогій узнік не сёння. Ён меў на мэце ўдыхнуць новае жыццё ў вытворчы працэс. На гэтай глебе некалькі год таму і нарадзіўся праект будаўніцтва на фабрычных плошчах фактычна новага прадпрыемства па выпуску мелаваных і немелаваных відаў кардону магутнасцю да 200 тысяч тон прадукцыі ў год. За рэалізацыю інвестпраекта на сродкі крэдыту Паднябеснай у 350 мільёнаў долараў у 2012 годзе і ўзялася кітайская кампанія “Сюань Юань”.

Аднак вынік атрымаўся не зусім пажаданы. Заміж пуску вытворчасці ў 2015 годзе генпадрадчыкі неаднойчы пераносілі тэрміны завяршэння будаўніцтва. У 2017 годзе кітайская карпарацыя ацэньвала гатоўнасць аб’екта на 97 працэнтаў. На жаль, дамоўленасці кітайскія партнёры так і не змаглі выканаць: вясной 2018-га дагавор з будаўнікамі завода ў Добрушы быў спынены.

Як заяўлена аб прычынах на высокім урадавым узроўні: кітайская кампанія не мела дастатковага вопыту па рэалізацыі такіх буйных праектаў. З таго часу лініі так і не былі запушчаны. Створаныя вытворчыя магутнасці завода пераведзены ў рэжым захавання. Беларусь заміж экспартавання ліквіднай прадукцыі працягвала закупкі яе за межамі рэспублікі, накіроўваючы на гэтыя мэты вялікую суму валюты.

“Нам патрэбна валюту зарабляць, а не вывозіць, падкрэсліў пры наведванні цэхаў новага прадпрыемства ў Добрушы кіраўнік дзяржавы. – За імпартазамяшчэнне мы возьмемся сур’ёзна…”

Што да тэмы завяршэння работ на добрушскім прадпрыемстве, па рэальных падліках тут патрабуюцца сродкі ў аб’ёме каля 83 мільёнаў долараў ЗША.

…Верталёт кіраўніка дзяржавы прызямліўся на падрыхтаванай пляцоўцы фабрыкі ў 9 гадзін 40 мінут.

– Не пабываўшы на заводзе, я не мог прыняць рашэнне аб фінансаванні завяршэння будаўніцтва, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне галоўнага рэдактара “Добрушскага краю” Мікалая Ждановіча аб будучым інвестпраекта.

“Была невялікая затрымка ў сувязі з тым, што мною не падпісаны Указ. А падпісаць яго я не мог, таму што не бачыў, што тут адбываецца. Уцёмную я нічога рабіць не збіраюся, – заявіў Прэзідэнт. – Усё для таго, каб гэта прадпрыемства працавала, у нас ёсць”.

У большасці тое, што патрэбна, мы зробім сваімі рукамі, сіламі беларускіх спецыялізаваных арганізацый, зазначыў Аляксандр Лукашэнка. Гэта мы ўмеем. Ёсць, праўда, некаторыя праблемы з машынай для мелавання. Але ў нас ужо маецца дамоўленасць з адной буйной заходняй (аўстрыйскай. – М.Ж.) фірмай, якая здольная забяспечыць неабходным абсталяваннем і наладзіць увесь працэс.

Па словах кіраўніка краіны, аўстрыйская кампанія возьмецца за наладку і запуск абсталявання. Выконваць іх плануецца асобнымі комплексамі. Як заўважыў Прэзідэнт, і старыя плошчы вялікага прадпрыемства таксама можна выкарыстаць пад фінішную імпартазамяшчальную вытворчасць.

“Дзве старыя энергаёмкія папераробчыя машыны нам будуць не патрэбны. Мы падумаем, куды іх дзець, і як будзем выкарыстоўваць вызваленыя старыя плошчы”, – выказаў меркаванне Аляксандр Лукашэнка.

Адзін з прапануемых варыянтаў – выпуск разнастайнай экалагічнай кардоннай упакоўкі, да прыкладу, пачкаў для цыгарэт.

“Так што перадайце жыхарам Добруша, – звярнуўся Прэзідэнт да галоўнага рэдактара “Добрушскага краю”, – няхай яны не хвалююцца. Сустрэнемся тут у верасні: я маю намер зноў прыехаць, каб ацаніць, як запрацуе новая вытворчасць. А ў снежні, калі ўся драбяза будзе зачышчана, мы павінны выпусціць тут першую прадукцыю”.