Корреспондент «ДК» вместе с инспекторами ДПС отправились в рейд. Добрушане поплатились

Опубликовано пт, 31/05/2019 года - 15:34
Автор статьи

У краіне з пачатку года ў дарожна-транспартных здарэннях пацярпелі больш за 100 дзяцей і падлеткаў. Пяцёра загінулі. У нашым раёне ДТЗ з удзелам дзяцей і падлеткаў, на шчасце, не зафіксавана.

На парозе летніх канікулаў ДАІ абвясціла аб правядзенні акцыі “Увага – дзеці!”. Асноўнае патрабаванне – з мэтай прадухілення трагедыі з удзелам дзяцей на дарозе з 25 мая па 5 чэрвеня аўтатранспарт павінен рухацца з уключаным бліжнім святлом фар. Карэспандэнт “ДК” разам з інспектарамі ДПС аддзялення ДАІ РАУС Іллёй Жышко і Дзмітрыем Кахавым, адправіўшыся ў рэйд, высвятлялі, ці ўсе кіроўцы выконваюць гэтыя патрабаванні.


…Экіпаж накіроўваецца ў Жгунь. І становіцца сведкам сур'ёзнага парушэння Правілаў з боку 52-гадовага вадзіцеля легкавога аўтамабіля на скрыжаванні дарогі М-10 і вуліцы Ціміразева. Кіроўца абганяў трактар, перасякаючы двайную суцэльную лінію. Лёс гамяльчаніна будзе вырашаць адміністрацыйная камісія па месцы жыхарства.

На вуліцы Добрушскай спынілі “Жыгулі”. Вадзіцель, жыхар Церахоўкі, патлумачыў: наведваў сваяка, святло ўключыць забыў. На парушальніка складзены адміністрацыйны пратакол. Штраф – 0,5 базавай.

На перакрыжаванні вуліц Меліяратыўная і 60 год СССР імі быў спынены аўто з пенсіянерам П. Дзядуля за рулём перавозіў унука без спецыяльнага крэсла. Улічваючы, што ў базе парушальнікаў яго прозвішча не значыцца, мужчына аштрафаваны толькі на 0,5 базавай.

У Добрушы на вуліцы Палявой на дарозе быў заўважаны мапедыст. На ім – без моташлему 49-гадовы механізатар ПМС. Парушальнік аблегчыў такім чынам сямейны бюджэт на 51 рубель. На вуліцы Кастрычніцкай дабрушанін, пенсіянер Ф. кіраваў аўтамабілем “Масквіч”, “забыў” уключыць святло фар. І таксама прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.


– За неўключэнне бліжняга святла фар альбо дзённых хадавых агнёў прадугледжана пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры да дзвюх базавых велічынь, – тлумачыць Ілля Жышко. – Але, калі чалавек не адмаўляе, што парушыў правілы, не з’яўляецца злосным парушальнікам, як і ў гэтым выпадку, выносіцца больш мяккае пакаранне.

Пешаходы – таксама ўдзельнікі дарожнага руху і спадзяюцца на павагу да сябе з боку вадзіцеляў. Еле што ў адказ? На праспекце Леніна кіроўца МАЗа не прапусціў пешахода на пераходзе і быў аштрафанваны на 51 рубель. З парушальнікам праведзена прафілактычная гутарка.

Але больш за астатніх непрыемна ўразіў і абурыў у гэты дзень работнік папяровай фабрыкі А., які пераходзіў праспект Луначарскага ў стане алкагольнага ап'янення ў неабазначаным для гэтага месцы. У дачыненні да 57-гадовага ўдзельніка дарожнага руху прыменена больш жорсткае пакаранне – штраф у памеры трох базавых велічынь.