Восьмиклассница Даша Воськова из Перероста Добрушского района знает, как взобраться на вершину олимпиады по немецкому языку

Рубрика:

Настаўнік нямецкай мовы Пераростаўскага дзіцячага садка-базавай школы Валянціна Аксёнчыкава і васьмікласніца Дар’я Васькова штодня застаюцца пасля ўрокаў зусім не таму, што дзяўчынка дрэнна паспявае і ёй патрэбна дапамога. Хутчэй наадварот: яны рыхтуюцца да дыстанцыйнай алімпіяды па замежнай мове “Сузор’е талентаў”, абвешчанай Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі.

– Ёсць прага да ведаў, жаданне вучыцца і імкненне перамагаць, – расказвае пра сваю лепшую вучаніцу настаўніца. – Стараемся прымаць удзел ва ўсіх алімпіядах і конкурсах. Нават платных. Удзел у “Сузор’і талентаў”, напрыклад, каштуе 30 рублёў. Добра, што бацькі адносяцца да захаплення дачкі нямецкай мовай з разуменнем.

Дар’я яшчэ сямікласніцай у мінулым годзе прымала ўдзел у раённай алімпіядзе па праграме вучняў 10-га класа. Прадэманстравала неблагі вынік – 70 працэнтаў правільных адказаў. Сёлета плануе паспрабаваць свае сілы па праграме 11 класа. Увогуле, апошнія тры гады ў вывучэнні нямецкай мовы ў сваёй узроставай катэгорыі сярод добрушскіх школьнікаў ёй няма роўных. З зайздросным пастаянствам дзяўчынка лідыруе на раённым этапе алімпіяды, ніколі не вярталася без дыплома з абласнога.

Перамогі даюцца няпроста. У будні пазашкольныя заняткі доўжацца да паловы пятага вечара, значны час удасканальванню ведаў па замежной мове прысвячае Дар’я на канікулах. Нават у выхадныя настаўніца дасылае ёй заданні па электроннай пошце.

– Штогод алімпіядныя заданні становяцца ўсё складаней, – расказвае Валянціна Аксёнчыкава. – Раней упор рабіўся на граматыку. Апошні час перавага – лексіцы. Даводзіцца “перакройваць” планы заняткаў.

Намаганні настаўніцы не застаюцца без увагі з боку кіраўнікоў школы. Па словах яе дырэктара Марыны Пячэрскай, менавіта для класа нямецкай мовы набылі мультымедыйны праектар, абсталявалі кабінет аўдыякалонкамі. Спонсары з Германіі дапамаглі набыць школьную мэблю.

– Прыемна, калі імёны нашых настаўнікаў і вучняў гучаць на абласным узроўні, – не хавае задавальнення дырэктар. – Апошнія 6 год Валянціна Аксёнчыкава спраўна “пастаўляе” пераможцаў алімпіяд. Ніколі не лічыцца з часам, ахвяруе ўласнымі справамі.

Ужо сёння настаўнік нямецкай мовы прыглядаецца да вучняў 4-5 класаў, выбірае дастойную замену Дар’і, якая праз год стане выпускніцай.

Сяргей ЧАЙДАК

Фота Яўгена УСЦІНАВА