В Крупце Добрушского района обнаружили альбом с газетными вырезками 50-х годов

Рубрика:

Незвычайная знаходка трапіла нядаўна ў рукі машыніста экскаватара Добрушскага ПМС Аляксея Цупікава. Ён займаўся зносам старога драўлянага дома ў Крупцы, калі нечакана з кучы бярвенняў да каўша экскаватара выпаў сшытак для малявання.

– Ніколі не звяртаў увагі на смецце, што знаходзіцца ў такіх дамах, а тут – нешта падштурхнула пацікавіцца, – прызнаецца экскаватаршчык. – Адкрыў першую старонку, і адразу ўзгадалася дзяцінства: акцябрацкі значок, піянерскі гальштук. Выкінуць знаходку не паднялася рука.

У прадстаўнікоў пакалення, якое вырасла пасля распаду Савецкага Саюза, гэты сшытак у лепшым выпадку выклікаў бы ўсмешку. Нехта выразаў з газет і часопісаў чорна-белыя фотаздымкі з выявай Леніна і акуратна наклейваў іх на старонкі. Ні тлумачальных подпісаў, ні нумар газеты  на іх  не ўказаны. Для людзей больш сталых тлумачэнні не патрэбны. Яны з дзяцінства ведаюць кожны з сюжэтаў. Вось Ленін і хадакі, на наступнай старонцы – рэпрадукцыя з карціны мастакоў Кукрыніксаў “Ленін на станцыі Разліў”, шмат фотаздымкаў з Петраграду, дзе побач з правадыром рэвалюцыі стаяць матросы і рабочыя…

Усяго каля 200 фотаілюстрацый паслядоўна паказваюць жыццё савецкага лідара з 1870 па 1924 гады. Унікальны здымак з Іосіфам Сталіным. Выходзіць, першыя старонкі сшытка запаўняліся яшчэ да 1956 года, калі на з’ездзе КПСС кіраўнік краіны і партыі Мікіта Хрушчоў развянчаў культ сталінскай асобы.

Звестак пра ўладальніка сшытка знайсці не ўдалося. Вядома толькі, што гэта дзяўчынка Варвара, якая вучылася ў 4-м класе. Адпаведны надпіс на адной са старонак. Тым не менш, школьніца пакінула нам не толькі фотаздымкі Леніна. На адвароце кожнай з выразак знаходзяцца ўнікальныя звесткі аб жыцці краіны 50-60-х гадоў.

“Перамога працаўнікоў беларускай вёскі”. Пад такім загалоўкам матэрыял на першай старонцы “Праўды”. Аўтар распавядае: вяскоўцы датэрмінова выканалі квартальны план па продажы мяса дзяржаве. У параўнанні з мінулым годам лічба павялічылася на 18 тысяч тон, або на 66 працэнтаў. Тут жа – звесткі аб нарыхтоўцы арганічных угнаенняў. На 10 лютага 1960 года калгаснікі вывезлі на палі 25 мільёнаў тон гною і торфу, на кожны гектар яравога сева па 8,5 тоны.

Цікава чытаць і пра візіт Мікіты Хрушчова па запрашэнні караля Афганістана Мухамеда Шаха ў Кабул. На наступнай старонцы – навіна пра Чэхаславакію, жыхары якой напярэдадні кастрычніцкіх святаў не толькі глядзяць у кінатэатрах фільмы “Ленін у Кастрычніку” і “Чалавек са стрэльбай”, але і выпусцілі спецыяльную паштовую марку  з партрэтам Леніна…

Адметна, што большасць тэкстаў на беларускай мове, а іх змест тычыцца непасрэдна БССР.

Рэдакцыя газеты наважана перадаць знаходку Аляксея Цупікава ў краязнаўчы музей. А невядомай дзяўчынцы Варвары ад усяго савецкага пакалення вялікі дзякуй за магчымасць адчуць подых мінулай эпохі.

Сяргей МІХАЙЛАЎ