В Добрушском районе обрядом зажинок дан старт массовой уборке зерновых

Гэта свята не пазначана ў календары, але заўсёды хлебаробы чакаюць яго з надзеяй і спадзяваннем. Жніво падводзіць вынікі ўсёй нялёгкай працы земляроба. На важкі колас некалькі месяцаў працавалі і механізатары, і кіраўнікі гаспадарак. Сёлета ў цэнтры ўвагі на свяце зажынак былі аграрыі сельгаспрадпрыемства “Жгунскае”. Гучнай песняй у полі славіў працу хлебаробаў  народны ансамбль народнай песні “Свята”.

Па традыцыі павіншаваць механізатараў з пачаткам масавай уборкі хлеба прыехалі прадстаўнікі райвыканкама, прафсаюзаў, калегі з іншых гаспадарак раёна.

–На плошчы больш за 22,5 тысячы гектараў у раёне неабходна ўбраць зерневыя культуры, – паведаміў першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Сяргей Дзенісенка. – Няхай механізатарам спрыяе надвор’е, бакі тэхнікі будуць поўныя, а пад рукой заўсёды будуць неабходныя запчасткі. Перад намі няпростая задача – убраць ураджай своечасова, якасна, без страт.

І ў гэтым кіраўніцтва раёна найперш спадзяецца на галоўных удзельнікаў свята – хлебаробаў. На зажынках сімвалічны каравай атрымаў вопытны камбайнер сельгаспрадпрыемства “Жгунскае” Анатоль Шапараў. Ён быў лепшым у гаспадарцы на ўборцы зерневых у мінулым годзе.

–  Сёлета ёсць намер палепшыць свой мінулагодні рэкорд. Дапаможа ў гэтым добрая тэхніка – камбайн “Палессе GS12”. На ім працую нядаўна, з папярэднім “Донам-1500” ён непараўнальны. Летась у сваёй гаспадарцы і дапамагаючы механізатарам Акцябрскага раёна намалаціў на «Палессі» больш за 900 тон. Крыху не хапіла, каб стаць тысячнікам, – распавядае жгунскі хлебароб.

Некалькі год Анатоль Шапараў працуе з памочнікам камбайнера Сяргеем Міхальчанкам. На іх дуэт у гаспадарцы ўскладаюць вялікія надзеі. 

– За стварэннем камфортных умоў працы будуць пільна сачыць прафсаюзы, – запэўніў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васілій Баўкуновіч. – Няхай ніва для вас бу-дзе шчодрай, неба чыстым ад хмар, а тэхніка надзейнай.

Па традыцыі зажынак першы сноп – сімвал дабрабыту і багацця – жнуць сярпом. У “Жгунскім” гэта ганаровая місія даручана адной з лепшых аператараў машыннага даення, шматдзетнай маці Алене Віннікавай. Першы сноп перадавая працаўніца ўручыла кіраўніку гаспадаркі.

– Для мяне гэта ўборачная кампанія – першая ў жыцці. Але спадзяюся, што яна будзе паспяховай. Нас усіх узрасціла зямля. Яна дае нам і сілу, і  дабрабыт.  Мы не баімся цяжкасцей. Многае рабілі, каб колас наліўся, і спадзяёмся на станоўчы вынік. У поле ўжо выйшлі 10 зернеўборачных камбайнаў гаспадаркі, – адзначыў дырэктар “Жгунскага” Андрэй Краўчанка.

Як толькі змоўклі песняры, камбайн з перадавікамі за штурвалам рушыў у поле.

Наталля ВАСІЛЬЕВА

На здымку: каравай атрымлівае камбайнер Анатоль Шапараў.

Фота Яўгена УСЦІНАВА