Ученица Жгунской школы привезла награду с Международного конкурса-фестиваля

Рубрика:

Узнагароду з Мінска, дзе праходзіў першы Міжнародны конкурс-фестываль “Папараць-кветка”, прывезла навучэнка чацвёртага класа Жгунскай сярэдняй школы Вераніка Зарэмба. Яе педагог Алена Талкачова не хавае задавальнення:

– Ехалі паўдзельнічаць, аб такім поспеху маглі толькі марыць. Складана змагацца з сапернікамі, якія займаюцца вакалам і харэаграфіяй у спецыялізаваных школах. У сельскіх установах адукацыі, як наша, урок музыкі –  раз на тыдзень.

Аднак сапраўднаму таленту, як высветлілася, гэта не перашкода. Выступленні канкурсантаў прафесійныя кампазітары і іншыя члены журы ацэньвалі аднолькава строга. Не прымаючы ў разлік, 6 год ім ці 27.

– Прыемна было ўбачыць у зале вядучую сацыяльна-творчай акцыі, якая праходзіць па “чарнобыльскіх” раёнах, Кацярыну Копелеву, – дзеліцца ўражаннямі Алена Талкачова. – У фінале мерапрыемства яна ўручыла нам прыгожы каляндар на наступны год.

Прадстаўнікі Жгуні адзначаюць цудоўную арганізацыю мерапрыемства, цёплую добразычлівую атмасферу. Маленькія ўдзельнікі былі акружаны асаблівым клопатам.

 У канцэртнай зале “Прэм’ера” сабраліся аркестры, ансамблі, хары і салісты з некалькіх краін свету. На працягу двух дзён са сцэны гучалі творы розных жанраў і стыляў: класіка, поп, рок, джаз, фольк…

Адна з самых юных удзельніц фестывалю-конкурсу Вікторыя Зарэмба ўразіла журы майстэрскім і артыстычным выкананнем народнай песні “Кнопачкі баянныя”. З музычным кіраўніком вырашылі: у Год малой радзімы яе змест актуальны. У свой спеў дзяўчынка ўклала ўсё старанне, чулую душу і прыродную абаяльнасць.

– Нават не адразу паверыла, што  гэта яе імя прагучала пры падвядзенні вынікаў у намінацыі “Народны вакал”, – расказвае настаўніца. – Расплакалася нават ад хвалявання…

Людміла НАЗАРАВА

На здымку: Вікторыя Зарэмба з педагогам Аленай Талкачовай.

Фота прадастаўлена Жгунскай СШ