Дарагія сябры!

Пачалася падпіска на газету “Добрушскі край” на 2018 год.

Спадзяёмся, што вы зробіце правільны выбар, і мы будзем разам!

Цана падпіскі: на квартал – 15 руб. 60 кап., на паўгоддзе – 31 руб. 20 кап.

Рэвалюцыя ў песнях: творчы конкурс выявіў самых крэатыўных сярод работнікаў арганізацый Добруша

Рубрика:

Каб аказацца ў далёкім мінулым, машыну часу мець не абавязкова. Дастаткова мелодыі славутага  “Інтэрнацыяналу”, бюста Леніна, чырвоных сцягоў, выразак з газеты “Искра” і іншых сімвалаў савецкай эпохі.  Арганізатарам конкурсу інсцэніраванай песні, які прайшоў у раённым Палацы культуры напярэдадні 100-годдзя Вялікага Кастрычніка, удалося перадаць атмасферу 1917 года.

Барвовыя хусцінкі і чорныя скураныя пінжакі ператварылі работніц дзіцячай раённай бібліятэкі ў заўзятых рэвалюцыянерак. Сустракаючы гасцей мерапрыемства, яны кожнаму прышпільвалі на каўнер чырвоны банцік і ўручалі віншавальную паштоўку . Тэкст, дарэчы, нанесены з дапамогай старэнькай друкарскай машынкі. Недаверлівыя маглі ўбачыць рарытэт на свае вочы.  У спраўным стане.

– А вы з якога парахода? – знаёмлюся з двума юнакамі ў бесказырках.

Аказалася: у Чарнаморскі флот работнікі “Добрушскага камунальніка” “запісаліся” добраахвотна.

– З пачуцця патрыятызму, – сур’ёзна адказвае  Уладзіслаў Буракоў. – Гісторыю сваёй краіны трэба ведаць і шанаваць.

На развучванне матроскага танца “Яблычак” у камунальнікаў  быў усяго ты-дзень. Аднак чацвёра танцораў і саліст Аляксандр Казанцаў  лічаць: да выступлення падрыхтаваліся добра. 

Такой жа думкі пра сябе і самыя юныя ўдзельнікі конкурсу – харавы калектыў дзіцячай школы мастацтваў Добруша.

– Першае месца – наша, – упэўнена кіраўнік калектыву Святлана Жалдакова. – Тым больш – з такім вопытным салістам як Міхаіл Сцепанцоў.

Пакуль дзяўчынкі і хлопчыкі ў белых кашулях распяваюцца ў суседняй зале, накіроўваюся ў адну з грымёрак. Там рыхтуюцца ўдзельнікі конкурсу з цэнтральнай раённай бальніцы. Па касцюмах і рэквізіце бачна: нумар яркі. І масавы, сцвярджае медыцынская сястра Святлана Піскунова.

– Эпізод з камедыі “Вяселле ў Малінаўцы” амаль месяц развучвалі, – гаворыць суразмоўца. – Мне дасталася роля другога плана. Усё роўна хвалююся. Хаця і не першы раз удзельнічаю ў пастаноўках.

Конкурс адкрыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Раздуева. Да віншаванняў са святам і пажаданняў паспяховага выступлення далучылася першы сакратар райкама Камуністычнай партыі Кацярына Балюнова.

Перад мерапрыемствам згадала толькі некалькі песень рэвалюцыйнай тэматыкі. Адна з іх  – аб крэйсеры “Аўрора”. Аказалася: удзельнікі конкурсу ведаюць іх значна больш. Работнік папяровай фабрыкі Аляксандр Пісьменнікаў, напрыклад, выбраў даволі складаны твор – песню “Пагоня”.  Прадстаўнік фарфоравага завода Андрэй Шкаруба ўразіў шчырым выкананнем песні “Ад герояў былых часоў…”. Акампаніятар раённага Палаца культуры Аляксандр Фуклеў нагадаў лірычную гісторыю з драматычным фіналам з песняй “За фабрычнай заставай”. “Песня аб трывожнай маладосці” акапэла прагучала ў выкананні вакальнага народнага ансамбля “Медыянта”. Недахоп музычнага суправа-джэння запальным папуры на любімай гармоні кампенсаваў акампаніятар Насовіцкакга сельскага Дома культуры Фёдар Грыневіч.

Пераможцаў конкурсу не вызначалі. Граматы ўручылі ўсім удзельнікам.

– Адстраляліся! – усмешкай сустракае за кулісамі сваіх падапечных старшыня прафкама “Добрушскага камунальніка” Юлія Кавалёва. – Можна ўздыхнуць з палёгкай. Да наступнага творчага конкурсу…

Людміла НАЗАРАВА

Фота Сяргея ЧАЙДАКА