Проект «ДК»: «Родословная Победы». Герой-разведчик

Опубликовано вт, 11/02/2020 года - 16:30
Автор статьи

Сёлета наша краіна адзначыць 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Тысячы ўраджэнцаў раёна змагаліся з ворагам на франтах, у партызанскіх атрадах. Не ўсе вярнуліся дадому жывымі і здаровымі. У запасніках краязнаўчага музея – сотні матэрыялаў, прысвечаных ветэранам Айчыннай вайны.

Уладзімір Карчэменка – абаронца Ленінграда. З фотаздымка на нас глядзіць чалавек з мноствам баявых і працоўных узнагарод. Як сведчаць дакументы, вайну Уладзімір сустрэў на паўвостраве Ханка. 164 дні працягвалася яго абарона…

Прарваўшы па вадзе заслоны ворага, карабель, на якім знаходзіўся наш зямляк, дайшоў да Ленінграда. Разам са сваімі баявымі сябрамі ён папоўніў рады абаронцаў горада на Няве. Ужо ў першай разведцы боем разам з падначаленымі лейтэнант захапіў двух “языкоў”. Дзясяткі разоў хадзіў у варожы тыл. Удача, якая дагэтуль спадарожнічала яму, 22 красавіка 1943 года адвярнулася ад франтавіка. 12 разведчыкаў пад камандаваннем Карчэменкі паспяхова прайшлі праз міннае поле, але былі заўважаны праціўнікам каля лініі абароны.

Жорсткі бой скончыўся стратай трох разведчыкаў. Карчэменку цяжка параніла. Узрывам міны яму адарвала нагу. Перамагаючы боль, камандзір узвода выклікаў агонь артылерыстаў на сябе. Разведчыкі вырваліся з варожага акружэння і вынеслі свайго камандзіра.

Камуніст Карчэменка (ён стаў ім у блакадным Ленінградзе) пасля лячэння ў шпіталі атрымаў другую групу інваліднасці і вярнуўся ў Добруш. Працаўладкаваўся на папяровую фабрыку старшым лінавальшчыкам-наладчыкам.

Да ордэна Чырвонай Зоркі дадаліся ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга і Кастрычніцкай Рэвалюцыі.

Матэрыялы і фота прадастаўлены раённым краязнаўчым музеем