Отпечатанные на 3D-принтере маски минские волонтеры доставили в Добруш

Опубликовано вт, 07/04/2020 года - 15:25
Автор статьи

У арсенале ахоўных сродкаў добрушскіх медработнікаў прыбаўленне. У панядзелак беларускія праграмісты, удзельнікі прасторы Hackerspace, арганізаванай у дапамогу медыкам, перадалі цэнтральнай раённай бальніцы 20 ахоўных масак, надрукаваных з дапамогай 3D-прынтараў.

– Аб руху праграмістаў прачытала ў сацыяльных сетках, – расказвае намеснік галоўнага ўрача Добрушскай ЦРБ Вольга Аляксеенка. – Патэлефанавала ў Мінск. Заказала 20 ахоўных шчыткоў для работнікаў паліклінікі і аддзялення рэанімацыі. Праз восем гадзін – тэлефонны званок: заказ выкананы. Куды і калі прывозіць?

Праграмісты аднымі з першых у рэспубліцы пачалі вырабляць і пастаўляць у бальніцы ахоўныя маскі для работы з інфіцыраванымі каронавірусам. Энтузіясты самастойна распрацавалі некалькі тыпаў масак, якія можна хутка і танна вырабіць з дапамогай лазернай рэзкі і 3D-друку. Некалькі соцень масак перададзена ў медустановы рэспублікі, але заказаў, прызнаюцца валанцёры, у дзясяткі разоў больш.

Такія празрыстыя маскі выкарыстоўваюць ва ўсім свеце хірургі і стаматолагі. А зараз яны сталі неабходнымі і пры звычайным аглядзе пацыента. Памочнік урача Айя Горленка ў дадатак да марлевай павязкі, спецадзення і ахоўных акуляраў прымярае і навінку ад праграмістаў.

– Еду да пацыента, які днямі вярнуўся з Італіі, – тлумачыць яна. – Ніводзін са сродкаў асабістай абароны лішнім не будзе. Тым больш, шчыткі абараняюць адкрытую раней скуру твару і шыі.

Па словах Вольгі Аляксеенка, валанцёры Hackerspace – пакуль адзіныя з пабочных арганізацый, якія аказалі медыкам дабрачынную дапамогу. Між тым, ва ўмовах сезоннага ўздыму захворванняў на ВРВІ запасы аднаразовых сродкаў асабістай абароны і рэспіратараў у паліклініцы не надта багатыя.

– Пакуль толькі прафкам медработнікаў зрабіў унёсак у барацьбу з каронавірусам, – расказала яна. – За прафсаюзныя грошы набылі пральную аўтаматычную машыну і некалькі прасаў для паліклінікі, папоўнілі запас дэзсродкаў і спецыяльных антыбактэрыяльных крэмаў для рук. Калі нехта вырашыць далучыцца да дабрачыннай ініцыятывы, мы будзем толькі “за”.

Фота Яўгена УСЦІНАВА