Необычная стоянка городских автобусов появилась в Добруше

Опубликовано вт, 28/01/2020 года - 16:54
Автор статьи

На мінулым тыдні ў рэдакцыю “ДК” патэлефанаваў гараджанін.

– Прыедзьце, калі ласка, на вуліцу Палявая. Там на перакрыжаванні дарог, амаль на пешаходным пераходзе, стаяць тры рэйсавыя аўтобусы, – паведаміў ён. – Гэта нярвуе гараджан, стварае перашкоды кіроўцам іншых транспартных сродкаў.

Журналісты праверылі сігнал. Аўтобусы і сапраўды выстраіліся на перакрыжаванні ў чаканні адпраўкі на маршрут. Чаму так – паспрабавалі высветліць. Вадзіцелі на кантакт з прэсай не пайшлі. Адзінае, аб чым паведамілі: тэхніка спраўная. А яны, маўляў, чакаюць, пакуль скончыцца абе­дзенны перапынак (з 12 да 13 гадзін).

Дзе ж падсілкоўваюцца самі транспартнікі? Аказалася, у халодным салоне аўтобуса. Але ж у аўтапарку ёсць абсталяваны пакой для прыёму ежы!

Толькі да таго аўтапарку пехам – каля  дзесяці мінут. На аўтобусе пад’ехаць забаронена. Іншых варыянтаў кіраўніцтва транспартнай арганізацыі пакуль не прапанавала.

У аддзеле арганізацыі перавозак аўтапарка №6 Гомеля  паабяцалі ра­забрацца. Праз  некалькі гадзін патэлефанавала спецыяліст аддзела Ганна Аўдзеенка:

– Ваша інфармацыя даведзена да новага начальніка Добрушскага ўчастка Аляксандра Марозава. Ён будзе вырашаць гэта пытанне.

– Наколькі я ведаю, забарона на пераезд аўтобусаў у парк у абедзенны час прадыктавана эканоміяй паліва, – праінфармаваў “ДК” Аляксандр Марозаў. – Па самых прыкладных падліках на чатырох гарадскіх аўтобусах за месяц можна сэканоміць каля 60 літраў паліва.

Лічбы і сапраўды ўражваюць. Эканомія паліва – справа важная. Але ў арыфметычных падліках забылі пра тых, каму штодня давяраюць свае жыцці пасажыры – кіроўцаў аўтобусаў. Ад таго, у якіх умовах яны падсілкуюцца і адпачнуць, у многім залежаць іх самаадчуванне і бяспечная перавозка людзей. Адзін з варыянтаў вырашэння праблемы – арганізацыя падвозу іх на вытворчую базу.

Леанід ДУБОЎСКІ

Фота Яўгена УСЦІНАВА

Теги