Можно ли в Добруше купить новогоднюю елку?

Опубликовано пт, 13/12/2019 года - 16:20
Автор статьи

Да Новага года – тры тыдні. Самы час патурбавацца аб набыцці атрыбутаў свята – ёлкі, навагодніх цацак.

Знайсці ўсё неабходнае можна некалькімі клікамі мышкі камп’ютара. Інтэрнэт-магазінаў з шырокім асартыментам тавараў пошукавая сістэма выдае некалькі дзясяткаў. Аднак, каб на ўласныя вочы пабачыць, як выглядае тая ці іншая ёлка, “ДК” наведаў гарадскія гандлёвыя кропкі.

Першая – гандлёвы павільён “1000 дробязяў”, што непадалёк ад фарфоравага завода. У мінулым годзе гэта крама прапаноўвала пакупнікам не толькі цацкі, але і электрычныя гірлянды. Зараз з тавараў навагодняй тэматыкі тут толькі мішура. Прадавец тлумачыць: чакаецца паступленне.

 

У папулярным сярод гараджан “Еўраопце” аб надыходзячых святах паклапаціліся загадзя.  Пад цацкі адведзена адна з вітрын. Асартымент вялікі: ад маленькіх лялек да вялікіх шароў. Прывабныя ўпрыгожванні і для ёлкі. На жаль, усё зроблена з пластыку. Як кажуць, бюджэтны варыянт. Ды і ёлку тут знайсці не ўдалося.
 

Першыя штучныя дрэўцы патрапілі на вочы ў магазіне “Стройдом”. Да слова, хапае тут і іншага “святочнага” тавару. Нават віншавальныя паштоўкі ёсць. І сувеніры для падарункаў. Навагодніх дрэўцаў выбар не багаты, але яны ёсць, як і цацкі для ёлкі.
 

Затое сапраўдны яловы лес сустракае ў зале будцэнтра “Ідэя”. Ёлкі і сосны – на любы густ і кашалёк. Ад маленькіх настольных да двухмятровых дрэў. Зялёныя, бліскучыя, белыя, мяккія і калючыя...
 

– Больш за 50 відаў, – сцвярджае прадавец Юлія Малашанка. – Праўда, з кожным днём “лес” памяншаецца. Тавар запатрабаваны...
 

Як высветлілася, знайсці штучную ёлку ў райцэнтры – не праб­лема. А што рабіць аматарам жывых дрэўцаў? Калегі па працы пажартавалі: маўляў, жывеш у лесе, бяры сякеру і...
 

– Не раю займацца такой справай, – перасцярожвае ляснічы Добрушскага лясніцтва Вадзім Караленка. – За незаконную высечку дрэў – штраф ад 5 да 50 базавых велічынь. Для прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб прадугледжана больш жорсткае пакаранне.
 

Па словах суразмоўцы, супрацоўнікаў лясной аховы ў бліжэйшыя дні перавядуць на ўзмоцнены варыянт нясення службы. У зоне іх увагі будуць дарогі і выезды з лесу. Таксама леснікі ўстановяць дадатковыя фотапасткі.
 

– Аднак дабрушане без ёлак не застануцца, – супакойвае ляснічы. – Дрэўцы, як і раней, можна будзе набыць у лясніцтве. Днямі стануць вядомы цэны на іх, і пачнем прымаць заказы.