Хозяйства Добрушского района приступили к заготовке кормов

Добры травастой  спрыяе нарошчванню кармоў для грамадскага статку. Праўда, недахоп вільгаці ў глебе можа не самым лепшым чынам паўплываць на будучы ўраджай зерневых і зернебабовых, рост траў другога ўкосу.

Невыпадкова галоўны аграном агракамбіната “Новы шлях” Сцяпан Гурын месцы правя­дзення касьбы траў наведвае некалькі разоў у дзень.

Вось і цяпер трактарыст Арцём Паўловіч спыняе тэхніку, каб абмеркаваць са спецыялістам на­дзённыя пытанні. Побач з трактарам – высокі валок зялёнай травы. Праз некалькі дзён яна ператворыцца ў духмянае сена.

Арцём Паўловіч – з кагорты маладых механізатараў, якая заяўляе пра сябе. Толькі другі год ён працуе на трактары. Раней пазнаваў асновы прафесій слесара, камбайнера. Але, заўважаюць кіраўнікі, гэта той выпадак, калі маладосць – не загана. Праз хвіліну-другую галоўны аграном вяртаецца да свайго аўтамабіля. У вачах – трывога.

– Калі ў  бліжэйшы час не будзе ападкаў, на травы другога ўкосу спадзяванняў мала, – сведчыць Сцяпан Гурын. – Гаспадарка ўжо нарыхтавала звыш тысячы тон сенажу, 37 працэнтаў ад плана. Гэта трэці паказчык у раёне. У полі не засталося ніводнага цюка сена, усё дастаўлена на месцы захавання. План нарыхтоўкі сена перавыканалі на 102 працэнты. – Прыемна, што тут мы лідары ў раёне.

Добрыя вынікі ў корма­нарыхтоўцы – плён старанняў механізатараў Віктара Шаўчэнкі, Аляксандра Нікіценкі, Алега Казаннікава, Рыгора Парукава, Леаніда Кавалёва і іншых.

Пасевы кукурузы абнадзейваюць. Але многае будзе залежыць ад надвор’я і своечасовага ўнясення азотных тукаў. Казаць канкрэтна пра нарыхтоўку сіласу яшчэ рана. Дакладна вядомыя толькі планавыя лічбы яго назапашвання – 10 500 тон сіласнай масы.

Леанід МІНІЧ

Фота Яўгена УСЦІНАВА